ЛІ́НГБІ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), пашыраная на тэр. ад Паўн. Еўропы да бас. р. Прыпяць. Назва ад стаянкі Лінгбі на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. і высакароднага аленяў, лася, дзіка і інш. Характэрныя прылады — рагавыя сякеры і грубыя несіметрычныя крамянёвыя наканечнікі дзідаў і стрэл з шырокай насадкай; вырабляліся кароткія нажы, скоблі, разцы з масіўных пласцін, падобныя да макралітычных. На Беларусі выяўлены стаянкі Л.к. каля в. Адрыжын, Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.
У.Ф.Ісаенка.
т. 9, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)